Папулярызацыя беларускай мовы

РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ Ў ДАШКОЛЬНІКАУ

  1. Спецыфічныя ўмовы маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту.

 

  1. Маўленне выхавальніка як сродак развіцця маўлення дзяцей.

 

  1. Задачы, змест і формы работы па развіцці маўлення дзяцей.

 

  1. Стварэнне маўленчых умоў для развіцця пачуцця беларускай мовы.

 

  1. Планаванне работы па развіцці маўлення дашкольнікаў на занятках і ў вольны ад заняткаў час.

Навучанне роднай мове ў Беларусі ажыццяўляецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі, якую можна характарызаваць як руска-беларускае блізкароднаснае двухмоўе, дзе беларуская мова толькі пачынае займаць месца, якое належыць ёй па праву.

Пэўная колькасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы расце ў рускамоўных сем’ях, змалку вучыцца размаўляць і мысліць на рускай мове. У той жа час менавіта беларуская мова тлумачыць дзецям прыроду нашага краю, знаёміць з характарам акружаючых людзей, з грамадствам, яго гісторыяй, традыцыямі і памкненнямі, уводзіць у народную паэзію, народныя вераванні, філасофію.

Існуе даволі складанае і супярэчлівае становішча. Унікальнасць яго ў тым, што беларуская мова як другая для гэтых дзяцей з’яўляецца таксама роднай, “мовай душы”. З такога пункту гледжання і трэба падыходзіць да навучання рускамоўных дашкольнікаў беларускай мове.

  1. Развіццё маўлення дзіцяці магчыма толькі пры ўмове правільнай літаратурна дасканалай мовы яго акружэння. Дзеці спачатку пераймаючы, а потым неўсвядомлена аналізуючы маўленне дарослых, засвойваюць усе тонкасці вымаўлення дарослага, словаўжывання, пабудовы фразы. Вучыць дзяцей трэба на лепшых узорах роднай мовы, і ў гэтым вядучая роля належыць выхавальніку, які пастаянна кантактуе з дзецьмі і ад якога дзеці пераймаюць, засвойваюць культуру маўлення.

Пад культурай маўлення разумеецца яго правільнасць: адпаведнасць нормам арфаэпіі, лексікі, граматыкі, стылістыкі, устаноўленым для літаратурнай мовы традыцыям, уменне карыстацца моўнымі сродкамі ў розных умовах зносін адпаведна з мэтай і зместам маўлення. Авалоданне культурай маўлення – доўгатэрміновы працэс.

Якія ж патрабаванні ставяцца да маўлення выхавальніка, каб ен стаў узорам высокай культуры для дзяцей?

Перш за ўсё маўленне выхавальніка павінна быць змястоўным, несці дзецям новую праўдзівую інформацыю, раскрываць перад імі ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці, што існуюць у навакольным жыцці, даваць ацэнку ўчынкам дзяцей і дарослых.

Слоўнік выхавальніка павінен быць багатым і дакладным. Для выказвання сваіх эмацыянальных адносін да дзяцей, іх учынкаў, для складання апавядання, апісання розных прадметаў выхавальнік павінен выкарыстоўваць вялікую колькасць разнастайных слоў, у тым ліку сінонімы, антонімы, словазлучэнні, вобразныя літаратурныя і народныя выразы, фразеалагічныя звароты. Варта часцей ужываць словы, якія больш цяжка засвойваюцца дзецьмі (абазначэнні адценняў, колераў, матэрыялаў, мастацкіх выразаў, абагульняючых слоў і інш.).

У размове з дзецьмі неабходна памятаць пра іх узроставыя магчымасці. Размаўляючы з малодшымі дзецьмі, выхавальнік ужывае словы з канкрэтным зместам, фразы кароткія і простыя па структуры, тэмп гутаркі – некалькі запаволены, мова эмацыянальная. На пятым – шостым годзе жыцця дзецям становяцца даступнымі прычыны ўзнікнення нескладаных з’яў, якія ў маўленні адлюстроўваюцца з дапамогай складаназлучаных і складаназалежных сказаў. Дакладныя інтанацыі выхавальніка дазваляюць дзіцяці адчуць сябе больш сталым і паказаць гэта ў сваіх учынках і паводзінах.

Парушэнні ўзроставых меж, абумоўленых псіхолага-фізіялагічнымі асаблівасцямі дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, прыводзяць да педагагічных памылак, пралікаў: непаразуменню, зніжэнню інтарэсаў, раздражненню, пасіўнасці дзяцей.

Пэўныя патрабаванні ставяцца і да гукавога боку маўлення: чыстае гукавымаўленне, выразная дыкцыя, арфаэпічная правільнасць.

Выхавальніку неабходна валодаць уменнямі весці дыялог, расказваць, слухаць расказы і адказы іншых. Маўленне яго павінна быць нешматслоўным, але зразумелым і лагічным. У дзейнасці кожнага педагога важнымі з’яўляюцца навыкі публічнага маўлення: уменне выступаць перад калегамі, наладжваць калектыўную гутарку з бацькамі. Узорам для дзяцей і акружэння павінна быць уся манера паводзін выхавальніка ў працэсе маўленчых зносін (поза, жэст, адносіны да суразмоўцаў).

  1. Задача развіцця маўлення, навучання роднай мове выступае як адна з самых галоўных задач выхавання ў дзіцячым садзе. Авалоданне сродкамі роднай мовы, добрае валоданне ёю забяспечвае эфектыўныя маўленчыя зносіны дзіцяці з дарослымі і аднагодкамі. Без маўленчых зносін з дарослымі, без моўнага акружэння немагчыма паўнацэннае развіццё дзіцяці, бо іменна дарослыя перадаюць яму вопыт, веды, уменні, культуру. Навучыць дзіця карыстацца роднай мовай у жывых, непасрэдных зносінах з людзьмі, развіць іх вуснае маўленне – асноўная задача маўленчага развіцця дашкольніка.

Гэта агульная задача ў адпаведнасці з асноўнымі кампанентамі мовы і маўлення складаецца са спецыяльных прыватных задач:

  • узбагачэнне, замацаванне і актывізацыя слоўніка;
  • удасканаленне граматычнай правільнасці маўлення;
  • выхаванне гукавой культуры маўлення;
  • фарміраванне гутарковага (дыялагічнага маўлення);
  • развіццё звязнага (маналагічнага) маўлення;
  • выхаванне цікавасці да мастацкага слова;
  • навучанне грамаце.

Неабходная сістэма работы пры вырашэнні ўсіх задач развіцця маўлення забяспечваецца пераемнасцю ў вырашэнні кожнай з іх пры пераходзе ад адной узроставай групы да другой і сінхранічнай суаднесенасцю розных задач у адной узроставай групе.

Змест работы па развіцці маўлення вызначаецца праграмай “Пралеска”. У аснове гэтай работы ляжыць узбагачэнне пачуццёвага вопыту, якое дзіця набывае шляхам азнаямлення са з’явамі навакольнага жыцця. Дзецям паведамляюцца ўпарадкаваныя веды пра даступныя іх разуменню з’явы побыту, прыроды і працы і грамадскага жыцця перш за ўсё нашай рэспублікі.

 Праграмай “Пралеска” прадугледжана і фарміраванне ў дзяцей уласна маўленчых навыкаў і ўменняў (выбар патрэбнага слова з сінанімічнага рада, валоданне элементамі словазмянення і словаўтварэння, развіццё фанематычнага слыху і звязнага маўлення і інш.).

Асноўныя сродкі рэалізацыі праграмных патрабаванняў – гэта:

  • арганізацыя зносін дзяцей у розных відах дзейнасці (гульнявой, працоўнай, бытавой);
  • маўленне выхавальніка як педагагічны фактар уплыву на маўленне дзяцей;
  • азнаямленне дзяцей з творамі мастацкай літаратуры;
  • выкарыстанне тэхнічных сродкаў;
  • развіццё ў дзяцей умення ўспрымаць розныя віды выяўленчага мастацтва, выказваючы свае думкі.

Развіццё маўлення дзяцей у дашкольных установах ажыццяўляецца ў дзвюх формах: у штодзённым жыцці і на арганізаваных занятках.

У штодзённым жыцці забяспечваюцца ўмовы для максімальнай рэалізацыі патрэбы дзіцяці ў маўленчых зносінах з дарослымі і равеснікамі. Тут можна вызначыць два шляхі развіцця маўлення дзяцей:

  • падпарадкаванне зместу і формы зносін патрэбам рэгуляцыі паводзін выхаванцаў у рэжымных момантах, прагулках, немаўленчых занятках і ў іншых тыповых сітуацыях;
  • арганізацыя дзейнасці дзяцей (напрыклад, гульнявой) з мэтай забеспячэння неўсвядомнага засваення неабходных маўленчых сродкаў (замацаванне правільнага вымаўлення таго ці іншага гука, азнаямленне з новай граматычнай канструкцыяй і г.д.).

Навучанне роднай мове на занятках – планамерны, мэтанакіраваны працэс развіцця пазнавальных здольнасцей дзяцей, засваення імі сістэмы элементарных ведаў аб наваколлі і адпаведнага слоўніка, фарміраванне маўленчых уменняў і навыкаў.

Вылучаюцца заняткі па азнаямленні з навакольным светам, мастацкай літаратурай і заняткі па развіцці маўлення. У старэйшых групах праводзяцца заняткі па навучанні грамаце.

Безумоўна, існуе цесная сувязь паміж моўным матэрыялам, які падаецца на занятках, і тым, што падлягае “ўтоенаму” замацаванню ў спецыяльна арганізаванай педагогам дзейнасці дзяцей па-за заняткамі. З другога боку, на занятках наладжваюцца назіранні над моўным матэрыялам, які дзеці атрымліваюць у працэсе спантаннага засваення мовы ў штодзённым жыцці.

  1. Адной з заканамернасцей засваення дзецьмі мовы з’яўляецца наяўнасць у іх моўнага пачуцця – неўсвядомленага, набытага ў працэсе штодзённых маўленчых зносін. У дзяцей неабходна выхоўваць пачуццё беларускай мовы, ствараючы для гэтага адпаведныя маўленчыя ўмовы, у працэсе якіх дзіця магло б пад кіраўніцтвам выхавальніка засвойваць беларускую мову, далучацца да яе паэзіі, а затым і вырашаць розныя маўленчыя задачы – камунікатыўныя, пазнавальныя і інш.

У маленькіх дзяцей, якія толькі прыйшлі ў дашкольную ўстанову з рускамоўнай сям’і, важна спачатку як мага лепш развіць пачуццёвую аснову беларускага маўлення. Рускамоўным дзецям трэба спачатку “ўвайсці” ў беларускую мову, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць, зацікавіцца роднай мовай. Таму найбольш спрыяльным для разумовага і маўленчага развіцця дзяцей гэтага ўзросту з’яўляецца паступовае ўключэнне беларускай мовы ў розныя віды дзіцячай дзейнасці.

Вядучую ролю адыгрывае знаёмства дзяцей з беларускім фальклорам, а таксама лепшымі класічнымі творамі для маленькіх дзяцей. Фальклорныя і класічныя творы дазваляюць увесці дзіця ў атмасферу жывога беларускага слова.

Перш за ўсе прадугледжваецца праслухоўванне дзецьмі беларускіх народных калыханак, песенек, забаўлянак, кароткіх вершыкаў, якое суправаджаецца адпаведнымі зместу дзеяннямі (закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытопванне, падскокі і да т.п.), паўтарэннем гукаперайманняў, асобных слоў, выразаў. Расказванне невялікіх па аб’ёму казак трэба суправаджаць інсцэніроўкамі, што аблегчыць дашкалятам іх успрыманне і разуменне, заахвоціць да паўтарэння слоў, выразаў, песенек.

Маленькія дзеці могуць ужо ўдзельнічаць у простых карагодных гульнях. Гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаць у дзяцей жаданне ўступаць у зносіны, значыць, і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды і заўважаюць, што гульня праводзіцца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.

Сярод стымулаў праяўлення маўлення дзяцей выключнае значэнне маюць цацкі-жывёлы і лялькі, да якіх малыя адносяцца як да жывых істот. Асабліва значная роля належыць ляльцы.

Аўтар першай методыкі развіцця маўлення дашкольнікаў Е.І. Ціхеева прапанавала ўвесці ў педагагічны працэс дыдактычна “абсталяваную” ляльку, якая не даецца ў свабоднае карыстанне дзецям, а фігуруе толькі ў час заняткаў па азнаямленнi з навакольным светам і развіццi маўлення, арганізаваных гульняў.

Аналагічным чынам для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят мэтазгодна выкарыстоўваць лялек-“беларусаў”, напрыклад, дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны па аднаму або разам “прыходзяць” да дзяцей і цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.

Маўленчыя сітуацыі, пабудаваныя на натуральнай цікавасці дзяцей да лялек, ствараюць у іх устаноўку на мову субяседніка. Дзеці вучацца прыслухоўвацца да беларускай мовы, успрымаць і разумець яе. Непрыкметна ў іх фарміруецца патрэбнасць мець зносіны на роднай мове. У час гэтых заняткаў неадвольна засвойваецца пэўны слоўнік, спачатку пасіўны, які далей паступова актывізуецца, калі дзеці пачынаюць прымаць удзел у сітуацыйным дыялогу з лялькамі і выхавальнікам. У гэтых дыялогах малыя нявымушана практыкуюцца ў вымаўленні беларускіх слоў, выкарыстанні некаторых граматычных форм. Маўленчыя сітуацыі можна разыгрываць і з удзелам іншых цацак-персанажаў беларускага фальклору: казы-манюкі, катка-залатога лабка і да т.п., якія таксама размаўляюць толькі па-беларуску.

Выхавальнік сам вырашае, калі асобныя заняткі можна поўнасцю праводзіць на беларускай мове. Спачатку гэта могуць быць заняткі, на якіх моўная нагрузка невялікая – маляванне, лепка, асабліва на тэмы, звязаныя з нацыянальным мастацтвам; затым такія заняткі, як азнаямленне з прыроднымі з’явамі, па фарміраваннi элементарных матэматычных уяўленняў і інш.

Асаблівую ролю ў развіцці беларускага маўлення як сродку зносін адыгрываюць ролевыя гульні з лялькамі-“беларусамі”. Такія гульні даступныя ўжо дзецям трохгадовага ўзросту. Выхавальнік штодзённа наладжвае іх, прымаючы ўдзел у гульні з дзецьмі. Лялькі ў гульні “размаўляюць” толькі па-беларуску.

Маленькія выхаванцы далучаюцца і да пасільнага ўдзелу ў народных гульнях, святах, якія праводзяцца са старэйшымі дзецьмі. Гэта таксама добры падмурак, на якім развіваецца пачуццё беларускай мовы ў дашкольнікаў.

Такім чынам, першыя тры гады жыцця – гэта пераважна тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення ў дзяцей з рускамоўных сем’яў.

Па меры пашырэння маўленчых і інтэлектуальных магчымасцей дзяцей уводзіцца праграмай “Пралеска” навучанне беларускай мове на спецыяльных занятках (другая малодшая група) , але работа па развіццi ў дзяцей пачуццёвай асновы беларускага маўлення працягваецца і далей.

Як і раней, вядучую ролю ў далучэнні дзяцей да беларускай мовы,  развіцці беларускага маўлення адыгрывае мастацкая літаратура: слуханне апавяданняў, вершаў, казак, завучванне на памяць, адгадванне і загадванне загадак, тлумачэнне прыказак і прымавак.

Вялікую карысць прыносяць рухавыя і карагодныя гульні з мастацкім словам. Яны праводзяцца на прагулках, у вольны час з мэтай замацавання асобных слоў, іх вымаўлення, граматычных форм, тэкстаў. У такіх гульнях дашкольнікі лёгка ўлоўліваюць музычнасць, напеўнасць, рытмічнасць мовы, пазнаюць трапнасць, лаканічнасць слова.

Спачатку дашкалятам прапануюцца гульні, якія ў асноўным пабудаваны на перайманні рухаў (пільшчыкаў, кавалёў, лыжнікаў і г.д.). Рухі выконваюцца ў адпаведнасці з рытмам верша.

Наступныя гульні, якія можна ўжо прапанаваць чатырох-пяцігадовым дзецям, акрамя рухаў пераймання, змяшчаюць бег, падскокі, галоп, будуюцца па тыпу хованак, даганялак, адшуквання адзін аднаго. (Напрыклад, гульня “Воўк і зайцы” па вершу В. Віткі).

Арганічна звязаныя песня, слова, рух у народных карагодных гульнях. У іх дзеці драматызуюць тое, аб чым спяваецца ў песні (“Каравай”, “Заінька” і інш.). Гэтыя гульні служаць добрым сродкам замацавання слоўніка, граматычнага ладу беларускага маўлення.

Пяцігадовым дзецям можна прапанаваць народныя гульні-драматызацыі з дакладным размеркаваннем роляў кожнага ўдзельніка і адпаведнымі іх слоўнымі прыгаворамі. Галоўная каштоўнасць такіх гульняў у тым, што ў іх адлюстроўваюцца нацыянальныя традыцыі, характар народа, яны цесна звязаны з прыродай, побытам і працоўнай дзейнасцю людзей. Таму народныя гульні садзейнічаюць не толькі развіццю  беларускага маўлення, але і засваенню беларускай культуры ў шырокім сэнсе слова.

Да гульняў-драматызацый адносяцца такія вядомыя, як “Гусі-гусі”, “Пастух і статак”, “Воўк і авечкі”, “Рэдзька” і іншыя. Усе яны ўключаюць дыялогі, таму ў гэтых гульнях дзеці засвойваюць і жывое беларускае слова, і інтанацыйную выразнасць дыялагічнага маўлення.

З пяці-шасцігодкамі далей праводзіцца ўся тая ж работа, што пачалася ў папярэдняй узроставай групе. Але асаблівае месца сярод гульняў-драматызацый з мастацкім словам належыць тым, якія дапамагаюць дзецям праявіць творчыя здольнасці, уменне знайсці правільны адказ на пытанне якога-небудзь персанажа, прыдумаць дыялог, стварыць рыфмаваныя радкі. (Напрыклад, рухавая гульня “Кавалі” па вершу В. Віткі).

Вялікія магчымасці для замацоўвання і актывізацыі навыкаў беларускага маўлення ствараюць рэжымныя моманты, працоўная дзейнасць дзяцей. У ранішнія часы можна замацаваць слоўнік па тэмах: “Знешні выгляд чалавека”, “Адзенне і абутак”, “Прадметы гігіены” і інш. На прагулцы актывізуецца слоўны запас па тэмах: “Расліны”, “Транспарт”, “Птушкі”, “Поры года” і г.д. У ходзе працоўнай дзейнасці выхавальнік можа пазнаёміць дзяцей з назвамі інструментаў, інвентару, працоўных дзеянняў. Выхавальнік вядзе дыялог з дзецьмі, выкарыстоўваючы ў сваёй мове загадкі, прыказкі, кароткія вершы. Такім чынам наладжваецца развіццё натуральных узаемаадносін на беларускай мове. У падобных штодзённых размовах дзеці прывучаюцца свабодна карыстацца беларускай мовай, спантанна засвойваюць родную мову на “ўзроўні пачуцця”.

  1. Праграмай “Пралеска” прадугледжана ўвядзенне спецыяльна арганізаваных заняткаў па развіцці беларускага маўлення ў  малодшай, сярэдняй, старэйшай групах, але нягледзячы на гэта развіваць беларускае маўленне, а значыць і планаваць работу па ім патрэбна ўжо з I малодшай групы. Работа ў гэтым кірунку будзе весціся па-за заняткамі – у ранішні і вячэрні адрэзак часу. Як весці і арганізаваць гэтую работу можна паглядзець у кнізе-дапаможніку В. Рудзіка “Планаванне работы па развіцці маўлення дашкольнікаў у вольны ад заняткаў час”. Гэты дапаможнік разглядаецца аўтарам не як альтэрнатыва, а як варыянтны падыход да планавання.

Нельга асобна фарміраваць веды па адным з раздзелаў методыкі развіцця мовы – усе яны цесна звязаны паміж сабою і кожны па-свойму значны. Ва ўсіх раздзелах гэтага дапаможніка прапаноўваецца планаванне работы ў малодшай, сярэдняй, старэйшай групах , якое складаецца з наступных частак:

  1. Задачы па развіцці мовы (гукавая культура, слоўнік, граматычны лад, звязнае маўленне).
  2. Варыянты планавання работы па раздзелах на тыдзень для малодшай, сярэдняй, старэйшай групы.                  
  3. Дадатковы практычны матэрыял: пералік і змест дыдактычных гульняў па ўзроставых групах да кожнага раздзела; змест народных гульняў, гульняў для аўтаматызацыі і дыферанцыяцыі гукаў; скорагаворкі; лічылкі; вершы аб роднай мове, Радзіме; небыліцы і жарты; вершы на тэму “Ветлівыя словы”.

Ну і, канечне, ужо з другой малодшай групы можна спрабаваць уводзіць заняткі (немаўленчыя), такія, як лепка, маляванне, аплікацыя на беларускай мове, а таксама заняткі па азнаямленні з наваколлем, уводзячы на іх лялек-беларусаў альбо цацкі, якія вельмі любяць дзеці малодшага ўзросту.

У малодшай, сярэдняй і старэйшай групах праграмай “Пралеска” ўводзяцца арганізаваныя заняткі па развіцці беларускага маўлення. Н. Старжынская ў сваім дапаможніку “Методыка развіцця роднага маўлення” (“Пралеска”, 1999, № 8) прапаноўвае ў гэтых групах праводзіць заняткі па азнаямленні з навакольным светам, на якіх можна шырока папоўніць слоўнікавы запас дзяцей. Таксама заняткі па знаёмству з мастацкай літаратурай. Гэта чытанне і расказванне казак, апавяданняў, чытанне і завучванне вершаў на  памяць,  знаёмства  з  творчасцю  беларускіх  пісьменнікаў Я. Коласа  і Я. Купалы, літаратурныя віктарыны і г.д. Ну і апошні від заняткаў – заняткі па развіцці маўлення. Гэта разгляд карцін, расказванне па карціне, пераказ літаратурных твораў, складанне расказаў, апісанне прадметаў, заняткі па гукавой культуры мовы і г.д. У старэйшых групах праводзяцца яшчэ заняткі па навучанні грамаце.

У дапамогу да правядзення заняткаў можна ўзяць кнігу Д. Дубінінай “Выкарыстанне сродкаў народнай педагогікі ў развіцці выразнага маўлення дашкольнікаў” (Метадычныя рэкамендацыі). Там ёсць прыкладныя канспекты заняткаў па азнаямленні дзяцей з творамі беларускага фальклору – казкамі (стар. 57), а таксама гульнёвыя сітуацыі па развіцці вобразнага маўлення дзіцяці на спецыяльных маўленчых занятках (стар. 43).

У кнізе Н. Старжынскай “Беларуская мова ў дзіцячым садзе” ёсць багаты практычны матэрыял па ўсіх чатырох раздзелах методыкі развіцця мовы з падборам дыдактычных і рухавых гульняў. Падрабязна тлумачыцца, як правільна весці работу па ўсіх раздзелах (слоўнік, фанетыка, фарміраванне граматычнага ладу маўлення, фарміраванне навыкаў вымаўлення, развіццё звязнага маўлення). На старонках 107 – 109 даюцца канспекты двух заняткаў па развіцці маўлення для сярэдняй групы “Свойскія птушкі” і “Расказванне па карціне “Маці мые посуд”.

    Ну і апошні дапаможнік выхавальніку ў планаванні работы па развіцці маўлення -  гэта “Сцяжынка”, дзе сабраны багаты моўны матэрыял, які можна выкарыстоўваць у кожнай узроставай групе.

https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi

свернуть

"Роля сям'і ў выхаванні патрыятычных пачуццяў у выхаванцаў»

 Безумоўна, аснова выхавання чалавека закладваецца ў сям'і. Патрыятычнае выхаванне, цікавасць да духоўнага пачатку нашага жыцця таксама павінны пачынацца ў сям'і. Але ўмоў для гэтага сёння, на жаль, мала. І справа тут не ў адсутнасці ў бацькоў часу для педагагічных гутарак са сваімі дзецьмі, а ў нашым жаданні ахаваць іх ад цяжкіх задач, працы, духоўных высілкаў. Кожная сям'я - гэта свой замкнёны свет і сваё жыццё, свае радасці і смутку, клопаты і традыцыі, свой побыт. .

      У сучаснай сям'і вялікую частку часу дзіця мае зносіны з мамай. Менавіта з ёй складаюцца даверныя адносіны, абмяркоўваюцца трывогі, пытанні, патрэбы. Аднак для дзяцей не менш важна і зносіны з татам. Чым часцей бацька мае зносіны з дзіцем, тым больш цеснымі становяцца эмацыйныя сувязі, а чым раней бацька далучаецца да догляду за малым, тым мацней і глыбей яго бацькоўскія пачуцці.
      Устаноўлена, што ў сем'ях, у якіх бацькі марнуюць шмат часу на размовы, гульні з дзецьмі, дзеці лепш развіваюцца. Аднак даказана, што дзеці, пазбаўленыя магчымасці мець зносіны з бацькамі або з адным з іх, валодаюць падвышанай адчувальнасцю, маюць цяжкасці ў наладжванні кантактаў з аднагодкамі. Сур'ёзную небяспеку для развіцця дзіцяці ўяўляе адсутнасць эмоцый, ласкі, цеплыні пры хай нават і паўнавартасным задавальненні яго фізіялагічных патрэбаў. Толькі сталыя зносіны бацькоў з дзіцем спрыяе ўсталяванню глыбокіх эмацыйных сувязяў, нараджае ўзаемную радасць.
    Выхаванне дзяцей у любові і павазе да бацькоў, шанаванні продкаў - адна з вядучых ідэй педагогікі. Іншая ідэя - гадаваць будучага сем'яніна з малых гадоў шляхам фарміравання станоўчых маральных якасцяў (працавітасці, памяркоўнасці, падатлівасці, стараннасці, сціпласці, сумленнасці).
     Спецыяльныя сацыялагічныя і псіхолага-педагагічныя даследаванні паказалі, што сям'я і дзіцячы сад, маючы свае асаблівыя функцыі, не могуць замяніць адзін аднаго і павінны ўзаемадзейнічаць ў імя паўнавартаснага развіцця дзіцяці.
                                              Парады для бацькоў

      Калі ў дзяцінстве дзіця адчуваў пачуццё жалю да іншага чалавека, радасць ад добрага ўчынку, гонар за сваіх бацькоў, захапленне ад судотыку з выдатным подзвігам, ён набыў эмацыйны вопыт. Тым самым будуць пабудаваны шляху для асацыяцый эмацыйнага характару, а гэта з'яўляецца асновай, падмуркам больш глыбокіх пачуццяў, умовай паўнавартаснага развіцця чалавека.
• Выхаванне маленькага патрыёта пачынаецца з самага блізкага для яго - роднай хаты, вуліцы, дзе ён жыве, дзіцячага саду.
• Звяртайце ўвагу дзіцяці на прыгажосць роднага горада
• У час прагулкі раскажыце, што знаходзіцца на вашай вуліцы, пагаворыце пра значэнне кожнага аб'екта.
• Дайце ўяўленне аб рабоце грамадскіх устаноў: пошты, крамы, бібліятэкі і г.д. Паназірайце за працай супрацоўнікаў гэтых устаноў, адзначце каштоўнасць іх працы.
• Разам з дзіцем прымайце ўдзел у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні свайго двара.
• Пашырайце уласны кругагляд
• Вучыце дзіцяці правільна ацэньваць свае ўчынкі і ўчынкі іншых людзей.
• Чытайце яму кнігі пра радзіму, яе героях, пра традыцыі, культуры свайго народа
• Заахвочвайце дзіцяці за імкненне падтрымліваць парадак, прыкладныя паводзіны ў грамадскіх месцах.

https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi

свернуть

Парады бацькам, ці вучымся разам з дзецьмі гаварыць па-беларуску!

 Родная мова, якой авалодваюць дзеці ў зносінах з дарослымі, з'яўляецца галоўным сродкам засваення імі культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. У родным слове, па сцвярджэнні вялікага рускага педагога К. Д. Ушынскага, народ клапатліва захоўвае "ўвесь след свайго духоўнага жыцця". Матчына мова, мова бацькоў, продкаў з'яўляецца і сродкам, і зместам духоўнага развіцця асобы чалавека.

       Большасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы выхоўваецца ў рускамоўных сем'ях, а яшчэ значная частка ў сем'ях, дзе размаўляюць на так званай "трасянцы" - сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да ўзнікнення з'явы інтэрферэнцыі - "засметчанасць" мовы: пранікнення ў рускае маўленне беларусізмаў, а беларускае - русізмаў. Напрыклад, гаворачы па-руску, ужываюць беларускія словы(сварила бурак), граматычныя формы, уласцівыя беларускай мове (гулять с папам), дапускаюць арфаэпічныя і фанетычныя памылкі (рымень, дзевачка). Часта дзеці паралельна ўжываюць агульныя па значэнні словы абедзвюх моў (кукла і лялька, сапожки і боты, картинка і малюнак, играть і гуляць і інш.).

         Паколькі адсутнічае граматнае беларускамоўнае асяродзе, у якім нашы дзеці маглі б самастойна засвойваць нормы і правілы маўлення, дарослыя павінны спецыяльна арганізоўваць  мэтанакіраванае навучанне дзяцей  беларускай мове праз даступныя віды дзіцячай дзейнасці.

         Давайце разам   подумаем, як зацікавіць дзіця, каб яму захацелася гаварыць на роднай мове!   

         Пачынаем размаўляць па-беларуску!

Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.

Кнігі на беларускай мове

          У многіх сем’ях існуе традыцыя — увечары перад сном бацькі чытаюць дзецям казкі. Часцей чытайце разам з дзецьмі кнігі на беларускай мове. Завітайце ў кнігарню ці бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах. Вы ведаеце кнігі «Прыгоды Нуліка» і «Я тут жыву» Уладзіміра Ліпскага, «Вандроўка з божымі кароўкамі» і «Першая прыгажуня» Алены Маслы, «Цуда-вуда» Уладзіміра Мазго, кнігі Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі, Анатоля Зэкава і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў? Цікаўцеся дзіцячай літаратурай на роднай мове!

          Паспрабуйце заахвоціць дзяцей да чытання вершаў, казак, апавяданняў, змешчаных на старонках дзіцячых часопісаў. Разам абмяркоўвайце выказаныя ў іх думкі, дапамажыце лепш зразумець прачытанае.

Прыказкі і прымаўкі

    Хоць, можа, у штодзённым жыцці мы рэдка размаўляем па-беларуску, але часта прыгадваем вядомыя прыказкі і прымаўкі, якія дапамагаюць выказаць свае адносіны да сітуацыі. Прыказкі надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. «Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні бяседа, ні гутарка не вядзецца» — у прыказках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць. Трапныя выслоўі назапашваюцца ў нашай памяці на працягу ўсяго жыцця. Мы чуем і запамінаем іх з размоў, слухаючы казкі, песні, паданні. Усім знаёмая сітуацыя: дзіця мые посуд, раптам талерка выслізвае з рук і разбіваецца. Каб супакоіць дзіця, дарослыя прыгадваюць старое павер’е: «Посуд б’ецца на шчасце!»

    Без асаблівых намаганняў памяці мы звяртаемся да прыказак і прымавак, каб вывесці правіла, даць ацэнку падзеям, характарыстыку паводзінам людзей. Як растлумачыць дзецям, што такое любоў і павага да бацькоў, як трэба ставицца да людзей, дзе знайсці даступныя ўзросту прыклады? Прапануйце малым некалькі прыказак і разам абмяркуйце іх.

Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.

Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.

Не рабі другому, што не люба самому.

У людзей пытай, ды свой розум май.

   Прыказкі і прымаўкі не старэюць на працягу стагоддзяў, яны выказваюць агульначалавечую мараль сцісла, у дасканалай мастацкай форме. Крынічным звонам бессмяротнасці роднае мовы назваў Янка Брыль народныя прыказкі і прымаўкі.

Святы

    Хто не ведае прыгожую легенду пра папараць-кветку, якая расцвітае ў ноч на Івана Купалу? Пра тое, што чалавек, якому пашчасціць здабыць чароўную кветку, зразумее мову птушак і звяроў, стане багатым і шчаслівым? Ноч гэтая незвычайная, казачная: дрэвы, хмызы і кветкі размаўляюць паміж сабою і нават пераходзяць з месца на месца. Менавіта ў купальскую ноч, згодна з павер’ем, трэба збіраць лекавыя расліны, якія маюць у гэты час асаблівую сілу.

  На жаль, сучасныя дзеці дрэнна ведаюць беларускія святы. Пачніце знаёміць малых з народным календаром — расказвайце пра святы, якія захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, увесну беларусы святкуюць Вербніцу, або Вербную нядзелю. У гэты вясновы дзень, за тыдзень да Вялікадня, людзі ламаюць галінкі вярбы — дрэва, поўнага магутнай жыццёвай сілы. Вербнай галінкай дакранаюцца да родных і знаёмых (найперш да дзяцей) і прыгаворваюць:

Не я б’ю — вярба б’е.

За тыдзень — Вялікдзень.

Будзь здаровы, як вада,

І багаты, як зямля.

Расці, як вярба,

Як лёд, на ўвесь год!

   У бібліятэцы можна знайсці цікавыя кніжкі пра беларускія народныя святы. Разам з дзецьмі прачытайце пра провады зімы — Масленіцу, свята прылёту птушак — Саракі, пра пачатак і заканчэнне жніва — Дажынкі і Зажынкі ды іншыя народныя традыцыі.

Урокі роднай мовы

   Вывучэнне мовы, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе. Час ад часу можна нават спаборнічаць, хто лепш ведае сваю мову. Напрыклад, паспрабуйце з дапамогай перакладнога слоўніка (а мо і без яго) назваць па-беларуску навакольных птушак, звяроў, кветкі і г. д.

«Вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія Вы пакідаеце сляды», — успамінаюцца радкі з верша Пятруся Броўкі.

          Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.

https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi

свернуть

Беларускія прыказкі і прымаўкі

Прыказкі і прымаўкі — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця народа ў розныя гістарычныя эпохі.

Прыказка — гэта агульнавядомае кароткае выслоўе з павучальным сэнсам. Прымаўка —  агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з'яўляецца скончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу.

У афарыстычнай творчасці беларускага народа прыказкі і прымаўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Яны ярка адлюстроўвалі маральна-этнічныя і эстэтычныя ідэалы, погляд на працу, жыццёвы вопыт, народную мудрасць увогуле. У некаторых з іх адбіліся язычніцкія ўяўленні.

Пра час

Дарагое яечка да Вялікадня. Дорога ложка к обеду.

Гуляй, гуляй, ды дзела не кідай. Делу время – потехе час.

Пакуль жаніцца, загаіцца = Пакуль шлюб браць — нічога не знаць. До свадьбы заживет.

Пра працу

Любіш паганяць – любі і каня гадаваць. Любишь кататься – люби и саночки возить.

Дзе кухарак шэсць, там няма чаго есць. У семи нянек дитя без глаза.

Хто дбае, той мае = Гаспадарка — клапатарка = Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць = Дзе гаспадар ходзіць, там ніўка родзіць = Пільнуй гаспадаркі — будуць у гаршку скваркі. Доход не живет без хлопот.

Скончыў работу — гуляй у ахвоту = Перш папрацуй, а тады й патанцуй = Службу справіў — і гуляй. Сделал дело — гуляй смело.

Ляжачыя і грошы ржавеюць = Пад ляжачы камень вада не бяжыць(не падплыве). Под лежачий камень и вода не течет.

Пра словы і мову

Конь вырвецца — здагоніш, а слова вырвецца — не зловіш = Выказанага слова да губы не вернеш = Са свайго языка спусціш — на чужым не зловіш = Слова як птушка: выпусціў — не вернеш = Сказанае слова за хвост не зловіш = Сліны не падымеш, а слова не вернеш. Слово не воробей: вылетит — не поймаешь.

Слова — вецер, а пісьмо — грунт = Што напісана пяром, не выйме і сякера. Что написано пером, того не вырубишь топором.

На ўзвей (вей) ветру пускаць = На звей (вей, узві, збой) вецер гаварыць. Бросать (слова) на ветер.

Слова не пазычае = Спрытны на язык = На кожнае слова адказ гатовы. За словом в карман не лезет.

Дробным макам рассыпацца = Языком слаць = Словамі як пер’ем слаць. Рассыпаться бисером (мелким бесом).

Гаварыў бы па-польску, ды язык конскі, гаварыў бы па-англійску, ды язык слізкі.

Будзем мове вучыцца, пакуль смерць не лучыцца.

Прымаўкі ды прыказкі — роднай мовы прывязкі.

Усяму пачатак — родная мова.

Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў.

Пра дом і сям'ю

Добра на Доне, ды лепей у сваім доме. В гостях хорошо,а дома лучше.

Няма роду без выроду = У балоце не без чорта, а ў роду не без выроду = У кожнай чарадзе авечку з матыліцамі знойдзеш = І на здаровай яблыні гнілы яблык знойдзецца = І ў добрай сям’і вырадак бывае = Няма лесу без воўка, а сяла без злодзея. В семье не без урода.

Сямейка малая — (усім) работы хапае = Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі = Былі бы мы сямёра, змаглі б усё ўчора. Дом невелик — гулять не велит.

Якое карэнне, такое і насенне = Які куст, такі і парастак = Які род, такі й плод. Каково семя, таково и племя.

Пра каханне

Без сонейка свету не быць, без мілага нельга жыць = Цяжка ўздыханне — далёка каханне. Не мил свет, когда милого нет.

Не прыгожая прыгожа, а каханая прыгожа = Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы. Не по хорошу мил, а по милу хорош.

Хоць у будане жыць, абы з каханым быць — Хоць пад лаўкаю сядзець, абы на харошага глядзець = Хоць без хлеба пасяджу, але ж на любага пагляджу = Хоць у адной лёлі (сарочцы), абы па любові. С милым рай и в шалаше.

Пра розум і веды

За дурной галавой нагам неспакой (бяда, гора) = За дурною галавою і нагам няма спакою = Скупы двойчы плоціць, а дурны двойчы ходзіць = Галава нагам зладзей. Бестолковая голова ногам покоя не даёт.

Свой розум мець = Сваім одумам (сваім розумам) жыць. Жить своим умом.

Без мукі няма навукі. Цяжка ў школе, дык лёгка ў полі. Тяжело в учении, легко в бою.

Век жыві — век вучыся. Век живи — век учись.

За багацце розуму не купіш. = Розум не купіш — у галаву не ўльеш.

Хто без навукі, той як бязрукі.

Пра багацце

Багаты Хадот: сабака ды кот = У вераб’я багатая сям’я: у кожнага верабейкі па тры капейкі. Богатому черти деньги куют.

Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца = Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца, а бедны смяецца, дзе ў багатага дзяецца = Багаты не ведае, чым бедны абедае. Богач удивляется, чем голь пробавляется.

Бог не цяля, бачыць (пазнае) круцяля = Бог не Мікітка, павыламіць лыткі = Бог бачыць з неба, што каму трэба = Бог ведае, хто што робіць і хто як абедае = Бог не гуляе, шмат палатна мае ды багатым торбы нагатаўляе. Бог видит, кто кого обидит.

Даў Бог дурню хлеба, ды той не ўмеў спажыць як трэба = Што Бог ні даў, усё ўторбу = І Халімон танцуе, калі яму шанцуе = Калі папу ўдаецца, то і пападдзя смяецца. Бог даёт — и дурак берёт.

Не будзь ласы на чужыя каўбасы. На чужой каравай рот не разевай.

Хто чужога жадае, часта сваё пакладае = Не ганіся за чужым, не трэба будзе плаціць сваім = Чужое ўзяць — сваё згубіць = Не бяры чужога: аддасі сваё = Ты па чужое, а чорт па тваё. Кто чужого желает, скоро своё потеряет.

Быў бы хлеб, а мышы збягуцца = Абы хлеб быў, а нахлебнікі будуць = Абы было ў торбе, то з’ем і на горбе = На воўну авец знойдзецца й кравец = Абы падла — вароны назлятаюцца = Быў бы куст, а варона знойдзецца = Абы тавар — купец будзе. Был бы хлеб, а зубы сыщутся.

Быў бы араты, будзе й прыганяты = Былі б дурні, а паны знойдуцца = Абы спіна — пуга знойдзецца = Быў бы азадак, а лазы хопіць = Быў бы лоб, а горб будзе. Была бы шея, а ярмо найдётся.

Пра сяброў

Чалавек без сяброў, што печ без дроў = Няма грошай — не бяда, як сяброў грамада = Лепш сто сяброў, чым сто рублёў. Не имей сто рублей, а имей сто друзей.

Пра ворагаў

Не будзь горкі — праклянуць, не будзь салодкі — пракаўтнуць = Будзешь горкі — праплююць, а салодкі — праглынуць = Не будзь салодкі, бо пераліжуць; не будзь горкі, бо пераплююць. Будешь сладок — живьём проглотят, будешь горек — проклянут.

Пра Бога

Бог не папусціць, свіння не ўкусіць = Калі Бог не дасць смерці, дык невозьмуць і чэрці = Як Бог дапусціць, то й святыя не абароняць. Бог не выдаст, свинья не съест.

Ведаў Бог, што не даў свінні рог = Не дай Бог свінні рог = Бачыў Бог, што не даў свінні рог, бо ўвесь свет спарола б. Бодливой корове Бог рог не даёт.

Скажы дурному паклоны біць, то ён і лоб паб’е = Дурань і мяла зломіць = Разумны работу зробіць, а дурань і мяла зломіць = Дай дурню брытву, то ён зарэжацца = Не хадзіў шалудзька Богу маліцца, а як пайшоў, дык і лоб разбіў = Дурань і молячыся лоб паб’е. Заставь дурака Богу молиться — он и лоб расшибёт.

Божа памажы, але й сам падбяжы (але і сам не ляжы) = Памажы Божа, але й ты не ляжы, нябожа = На Бога спадзявайся, але і сам старайся = Працуй, нябожа, то і Бог паможа = Чакай збавення з неба, а тым часам хлеба трэба. На Бога надейся, а сам не плошай.

Пра поспех

Прыйдзе, тата, і наша свята = Будзе і на вашай вуліцы кірмаш = Будзе і на маім рынку торг (кірмаш). Будет и на нашей улице праздник.

Загляне сонца і ў наша ваконца = Калісь засвеціць сонца і ў наша ваконца = І наша сонца ўвойдзе ў ваконца = Прыйдзе тая нядзеля, што будзе й маё вяселле = Калісьці й наш Бог праспіцца. Будет и наше время.

І сена цэлае, і козы сытыя. И волки сыты, и козы целы.

https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi

свернуть

«Беларускія народныя гульні як сродак фізічнага выхавання»

Працу з дзецьмі дашкольнага ўросту немагчыма ўявіць без наяўнасці ў ёй элементаў народнай педагогікі і традыцыйнай фізічнай культуры. Яны ўключаюць у сябе адзін з найбольш важ­ных прынцыпаў выхавання — прынцып прыродаадпаведнасці. 3 дапамогай традыцыйных сродкаў і метадаў можна аказаць эфектыўнае ўздзеянне на гарманічнае развіццё дзіцяці, не парушаючы яго ўнутранага свету і сувязі з навакольным асяроддзем.

Фізічная культура займае вядучае месца ў выхаванні дзяцей, і адным з яе раздзелаў з'яўляецца рухомая гульня. Дашкольны ўзрост — гэта перыяд, калі дзіця хутка расце і развіваецца, авалодвае ведамі, і таму вельмі важна дапамагчы яму навучыцца правільна ўспрымаць знешні свет, акаляючыя яго прадметы і з'явы. Задача дашкольных устаноў — забяспечыць усебаковае развіццё і выхаванне дзяцей. Выкананне яе здзяйсняецца рознымі сродкамі, сярод якіх важнае месца належыць гульні.

Рухомыя гульні ствараюць атмасферу радасці і таму робяць больш эфектыўным комплекснае рашэнне аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач. Актыўныя рухі, абумоўленныя зместам гульні, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і павялічваюць фізічныя працэсы. Сітуацыі на гульнёвых пляцоўках, якія ўвесь час змяняюцца, прывучаюць дзяцей мэтанакіравана выкарыстоўваць рухомыя здольнасці і звычкі, забяспечваць іх удасканаленне. Звычайна праяўляюцца такія фізічныя якасці, як хуткасць рэакцыі, спрытнасць, вокамер, раўнавага, навыкі арыентацыі ў прасторы, што адыгрывае важную ролю ў набыцці дзіцём жыццёвага вопыту. Неабходнасць падпарадкоўвацца правілам і пэўным чынам рэагаваць на сігнал арганізуе і дысцыплінуе дзяцей, прывучае іх кантраляваць свае паводзіны, развіваць кемлівасць, рухальную ініцыятыву і самастойнасць. Рухомыя гульні пашыраюць агульны кругагляд, папаўняюць слоўнікавы запас, удасканальваюць псіхічныя працэсы.

Гарманічнае спалучэнне паэтычнага слова, рытму, інтанацыйнай выразнасці, музыкі і рухаў дае магчымасць рэалізаваць эмацыйныя патрэбы дзіцяці. Яшчэ ў 1932 г. Г. В. Хухлова адзначыла, што «сістэматычныя фізічныя заняткі, якія праводзяць з эмацыянальным пад’емам і павелічэннем, — найбольш просты шлях да фізічнага і псіхічнага ўдасканалення дзіцячага арганізма».

Беларускія народныя гульні — адзін з самых старажытных сродкаў выхавання, яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяроддзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Як правіла, беларускія народныя гульні — рухомыя. Роля беларускіх народных рухомых гульняў як сродку фізічнага, эстэтычнага і разумовага выхавання абумоўлена тым, што яны садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя; развіваюць сілу, спрыт, вастрыню зроку і слыху, назіральнасць, кемлівасць, удумлівасць, вытрымку, калектывізм, клопат пра іншых, любоў да роднага краю, пачуццё справядлівасці і прыгажосці. Гэта адбываецца за кошт таго, што, з аднаго боку, дашкольнікі ўключаюцца ў практычную рухомую дзейнасць, развіваюцца фізічна, вучацца дзейнічаць і прымаць рашэнні самастойна. 3 другога боку, яны атрымліваюць маральнае і эстэтычнае задавальненне, знаёмяцца з народнымі традыцыямі, лепш пазнаюць акаляючы свет.

Беларуская рухомая гульня зарадзілася спачатку як культавы абрад. Потым, з цягам часу яна набыла від забавы, але ж захавала сваю асноўную накіраванасць на агульную фізічную падрыхтоўку, удасканаленне функцый арганізма, выхаванне маральна-валявых і творчых здольнасцей. Гульні былі дэтэрмінаваны па ўзросце. Гуляць дзеці пачыналі яшчэ немаўлятамі: спачатку дарослыя забаўлялі іх, падкідвалі і гушкалі на руках, потым, калі дзеці маглі трымаць у руках прадметы, ім давалі самаробныя цацкі («лялькі»), Простыя фізічныя практыкаванні, якія, як правіла, суправаджаліся гульнямі, развівалі рукі маленькіх, а жартоўныя песенькі і прыгаворкі, імітаванне галасоў птушак і жывёл знаёмілі з навакольным жыццём, маральнымі нормамі, дазвалялі атрымаць першае ўяўленне пра дабрыню (іх можна выкарыстоўваць з першай малодшай групы). З узростам пашыралася колькасць гульняў і іх змест, яны значна ўскладняліся.

Беларусы маюць своеасаблівую школу пешчання. Немаўлятак забаўлялі, прывучалі іх да элементарных гульняў з дапамогай забаўлянак, якіх багата накоплена ў народнай творчасці. Так, робячы гімнастыку, падкідвалі дзіця на руках, пахлопвалі яго па спінцы, пагладжвалі па жывоціку, згіналі ножкі, суправаджалі дзеянні спецыяльнымі забаўлянкамі, як імправізаванымі, так і ўстойлівымі, вядомымі ў той ці іншай мясцовасці.

Дух змагарства, магчымасць паспрабаваць свае сілы і вынослівасць наогул быў характэрны для гульняў дзяцей розных узростаў. Самай простай і распаўсюджанай сярод іх была гульня «ў абгонку» («перагонкі», «перапехі», «хто каго абгоніць»). Сіла і спрыт патрабаваліся дзецям для хадзьбы на хадунах. Хадзьба на хадунах была справай не простай, для авалодання ёю трэба было шмат трэніравацца. Гэта гульня захапляе перш за ўсё дзяцей больш старэйшага ўзросту.

Асноўнай рысай большасці беларускіх рухомых народных гульняў з'яўляецца тое, што яны патрабуюць шмат фізічнай энергіі, спрыту, кемлівасці, у выніку чаго дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку, загартоўку. Вясковыя дзеці ўжо ў падлеткавым узросце былі фізічна моцнымі і вынослівымі і маглі выконваць ра­боты ў полі і па гаспадарцы, якія патрабавалі шмат сіл.

Трэба адзначыць, што ў сваім першапачатковым выкананні ўсе народныя гульні праводзіліся і праводзяцца на вуліцы і не патра­буюць ніякіх спецыяльных умоў і абсталявання. Гэта забяспечвае іх арганізацыю на свежым паветры даступнай, прычым сезоннасць беларускіх гульняў дазваляе праводзіць іх на працягу ўсяго года. Комплекснае ўздзеянне фізічнай актыўнасці і звычайных прыродных умоў на арганізм узмацняюць закаляючы эфект. Усе формы і сродкі традыцыйнай фізічнай культуры звязаны са звычайнымі ўмовамі, якія маюць важнае значэнне ў замацаванні здароўя дзяцей.

Праграмныя дакументы, па якіх сёння працуюць педагогі дзіцячых дашкольных устаноў у Рэспубліцы Беларусь («Пралеска», «Фізкульт-Ура») прадугледжваюць шырокае выкарыстанне беларускіх рухомых гульняў у вучэбна-выхаваўчым працэссе. У праграмах прапануюцца ўзроставыя размежаванні рухомых гульняў, але кожны выхавальнік ці фізічны кіраўнік можа сам адапціраваць іх і для пэўнага ўзросту, і для пэўных умоў. Самі дзеці, мадыфікуючы знаёмыя ім гульні, могуць стварыць новыя, развіваючы сваю творчую актыўнасць, творчыя здольнасці.

https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi

свернуть